5 красавіка. Региональный праздник-ярмарка изделий ремесленников «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня»

5 красавіка 2018 года ў г. Гродна на плошчы Савецкай у 12:00 пройдзе рэгіянальнае свята-кірмаш вырабаў рамеснікаў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”.
Свята-кірмаш кожны год набывае ўсё большую папулярнасць сярод майстроў народнай творчасці, мясцовага насельніцтва і гасцей горада. Гэта добрая магчымасць набыць усё неабходнае да святкавання Вялікадня, палюбавацца на сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўдзельнічаць у майстар-класах ад майстроў народнай творчасці па роспісу велікодных яек, саломапляценні, вырабу велікодных верб, ткацтву, пляценні паясоў і інш.
Мэты мерапрыемства накіраваны на ўсебаковае садзейнічанне працэсу адраджэння, захавання і трансляцыі рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай нематэрыяльнай культуры Гродзеншчыны. Свята-кірмаш прызвана папулярызаваць розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці і традыцыйных рамёстваў, падтрымаць дзейнасць народных майстроў і носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці. “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня” – гэта выдатная магчымасць далучыць падрастаючае пакаленне да каштоўнасцей традыцыйнай культуры Беларусі.
Кожны год у свяце прымаюць удзел носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: майстар па традыцыйнаму вырэзванню з паперы (выцінанка-выбіванка) з Навагрудскага раёна Наталля Клімко; майстар па традыцыйнаму роспісу велікодных яек г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Ларыса Касіцкая; майстар па вырабу велікодных вербаў (пальмаў) Дамініка Кавалёнак з г. Гродна.
У гэтым годзе ў свяце прымуць удзел носьбіты элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якім у 2017 – 2018 гг. быў прысвоены статус “гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь”: “Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне”, “Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавае печыва.” і “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”.
У рамках свята будзе праводзіцца конкурс па наступных намінацыях:
- “лепшы велікодны кошык”;
- “лепшая калекцыя велікодных яек”;
- “лепшая калекцыя велікодных паштовак”;
- “лепшае дэкаратыўнае пано, прысвечанае велікоднай тэматыцы”;
- “лепшая прэзентацыя калекцыі”;
- “лепшая калекцыя традыцыйнага печыва”.
Добрай традыцяй у дзень правядзення свята-кірмашу стала арганізацыя дабрачыннай акцыі, сродкі з якой ідуць на падтрымку Дома дзіцяці ў Гродне.
Чакаем усіх на святочным кірмашы!